«МАГІЛЁЎСКАЯ ДАЎНІНА́»,

1) «Могилевская старина», зборнік матэрыялаў з «Могилевских губернских ведомостей» за 1898—1903. Выйшлі 3 выпускі (1900—03) пад рэд. Е.Р.Раманава. Уключае артыкулы і нататкі па гісторыі, археалогіі, этнаграфіі Магілёўскай губ., гіст. дакументы. У 1-м выпуску змешчаны Баркулабаўскі летапіс, грамата караля Стафана Баторыя ад 1.3.1581, карта магілёўскага намесніцтва 1768, успаміны пра падзеі 1812 на Магілёўшчыне; у 2-м вып. — апісанне Крычаўскага графства А.Меерам у 1786, фрагменты запісак 1816 і 1822 англ. падарожніка Р.Пінкертона пра бел. губерні, бібліяграфічны паказчык асн. прац Раманава; у 3-м вып. — дакументы 16—20 ст. У 2-м і 3-м вып. змешчаны звесткі пра «апошняга летапісца» Беларусі ігумена Арэста. Публікацыі гіст. крыніц вызначае высокі навук. ўзровень, які не быў характэрны для тагачасных перыяд. выданняў.

2) Зборнік гіст. і краязнаўчых матэрыялаў, які з 1993 штогод выдаецца ў Магілёве як аднаўленне «М.д.» 1898—1903. Матэрыялы ахопліваюць гіст. перыяд развіцця Магілёўшчыны ад старажытнасці да сучаснасці. Мае рубрыкі: «Даследаванні. Меркаванні», «Асоба ў гісторыі», «Малавядомае», «Школьнае краязнаўства» і інш.

М.Ф.Шумейка, І.А.Пушкін.

т. 9, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)